Тэма 9.3. Марфалагічны, лексіка-сінтаксічны і лексіка-граматычны прынцыпы арфаграфіі і правілы, заснаваныя на гэтых прынцыпах
“Марфалагічны прынцып патрабуе аднастайнай перадачы на пісьме марфем (іх частак), незалежна ад іх рознага вымаўлення: граб (як і грабы, грабняк), лыжка (як і лыжак), абхазскі (як і Абхазія). Значыць, пры марфалагічным прынцыпе пазіцыйныя чаргаванні зычных не перадаюцца, а пішуцца тыя зычныя літары, якія абазначаюць гукі ў іх моцнай пазіцыі (становішча зычных перад галоснымі ці санорнымі зычнымі). Марфалагічны прынцып называюць яшчэ фаналагічным, таму што адной і той жа літарай перадаецца фанема ў моцнай і слабай пазіцыі. Напрыклад, у словах пераклад, пераклады, перакладчык мы пішам д, хоць вымаўляем т, ч, бо ў моцнай пазіцыі – перад галосным – вымаўляецца д (пераклады)” [1, с. 46].
“На марфалагічным прынцыпе заснавана напісанне звонкіх зычных на канцы слова і перад глухімі (дуб, дубкі), шыпячых перад свісцячымі (на рэчцы, мыешся), свісцячых перад шыпячымі (возчык), прыставак на б-, д- (абкасіць, падкінуць), злучэнняў зычных на стыку кораня і суфікса -ск-: жс, гс, зс, хс, шс у прыметніках, утвораных ад геаграфічных назваў (добрушскі, арэнбургскі, волжскі, рыжскі), злучэнняў дч, тч, дс (дакладчык, матчын, заводскі), суфіксаў -ядзь (роўнядзь), -язь (дробязь) і інш. [1, с. 46].
На марфалагічным прынцыпе грунтуецца правапіс злучальнага і раздзяляльнага мяккага знака і апострафа.
“Змякчальны мяккі знак пішацца пасля зычных з, л, н, с, ц (з мяккага т), дз (з мяккага д):
для абазначэння на пісьме мяккасці зычнага на канцы слова: мядзведзь, дзень, соль, вось, чытаць, пісаць, стань, кінь, лезь, шэсць, дзесяць, штось, дзесь, кудысь, чагось, вішань, кухань, соцень, песень;
для абазначэння на пісьме мяккасці зычнага перад цвёрдым зычным: дзядзька, бацька, касьба, барацьба, пісьмо, Вязьма, Кузьма, восьмы,;
для абазначэння на пісьме мяккасці зычнага перад наступным мяккім зычным тады, калі пры змене формы таго ж слова (або пры замене яго другім словам таго ж кораня) гэты мяккі зычны становіцца цвёрдым, а папярэдні зычны захоўвае сваю мяккасць: барацьбе, барацьбіт (барацьба), пісьменнік (пісьмо). Калі пры змене формы таго ж слова (або пры замене яго другім словам таго ж кораня) мяккасць зычных не захоўваецца, то мяккасць зычнага перад наступным мяккім зычным на пісьме мяккім знакам не абазначаецца: дзве –– два, шэсць –– шосты, звінець –– звон.
Мяккі знак пішацца для абазначэння мяккасці зычных у дзеясловах загаднага ладу:
перад канчаткам першай асобы множнага ліку -ма: кіньма, сядзьма, станьма;
перад канчаткам другой асобы множнага ліку -це: будзьце, кіньце, сядзьце, станьце, намыльце;
перад зваротнай часціцай -ся: кінься, звесься.
Мяккі знак пішацца для абазначэння мяккасці зычных у назоўніках перад канчаткам творнага склону множнага ліку -мі: коньмі, людзьмі, грудзьмі, дзецьмі.
Мяккі знак пішацца:
у складаных лічэбніках: пяцьдзясят, шэсцьдзясят, пяцьсот, шэсцьсот, дзевяцьсот;
у часціцы -сьці, якая ўваходзіць у склад слова: штосьці, чагосьці, кудысьці, дзесьці, чамусьці, якісьці;
у слове ледзьве.
Мяккі знак пішацца для абазначэння на пісьме мяккасці [л] перад зычнымі: пальцы, кольцы, відэльцы, сальца, вальцы, колькі, толькі, гульні, вельмі, Альф’еры, бразільскі (Бразілія), венесуэльскі (Венесуэла), уральскі (Урал), лепельскі (Лепель), лільскі (Ліль), Мангальф’е.
Мяккі знак пішацца для абазначэння на пісьме мяккасці [н]:
перад суфіксам -к-, а таксама перад суфіксам -чык- (калі слова без суфікса -чык- заканчваецца мяккім знакам): песенька, вішанька, нянька (і няньчыць); каменьчык (камень), праменьчык (прамень), карэньчык (корань), агеньчык (агонь);
перад суфіксам -ск- у прыметніках, утвораных ад назваў месяцаў, якія заканчваюцца мяккім [н’], і назоўніка восень: студзеньскі, чэрвеньскі, ліпеньскі, снежаньскі, восеньскі, а таксама ў суадносных уласных назвах: Чэрвеньскі раён, Ліпеньская школа;
у суфіксе -еньк- (-эньк-, -аньк-): маленькі, даражэнькі, прыгожанькі.
Мяккі знак не пішацца:
пасля шыпячых (ж, дж, ч, ш), р, ц (не з т мяккага) і д, т, а таксама пасля губных б, в, м, п, ф: дождж, ноч, мыш, цар, купец, голуб, п’едэстал, сям’я, В’етнам, верф;
пасля з, с, ц, дз перад мяккімі зычнымі, калі пры змене формы таго ж слова (або пры замене яго другім словам таго ж кораня) нельга паставіць гэтыя з, с, ц, дз перад цвёрдым зычным: песня –– песні –– песнямі, звер –– зверам –– звяроў, свет –– свяціць –– асвятленне,
дзверы –– дзвярэй, чацвер –– чацвяргом, чацвёрты –– чацвярціна –– чацверыком, цвёрды –– сцвярджаць; схіліцца, скінуць, ёсць, Дзвіна, Дзмітрый;
пры падаўжэнні зычных: насенне, ралля, галлё, калоссе, а таксама падваенні: ззяць;
у прыметніках з суфіксам -ск-, утвораных ад назоўнікаў на -нь: конскі (конь), астраханскі (Астрахань), любанскі (Любань), плзенскі (Плзень), чань-чунскі (Чань-Чунь), цянь-шанскі (Цянь-Шань).
Раздзяляльны мяккі знак пішацца пасля зычных л, с, ц (з мяккага т), дз і непрыставачных н і з перад е, ё, і, ю, я ў словах іншамоўнага паходжання: вальера, рэльеф, калье, мільён, медальён, павільён, більярд, дасье, канферансье, манпансье, пасьянс, парцье, парцьера, ранцье, Фацьян, Тэнардзье, Дзьюі.
Ва ўласных імёнах і назвах, утвораных ад імён на -ій (-ый), пасля зычных л, с, ц, дз, н, з перад суфіксальным -еў- (-ев-) пішацца мяккі знак: Васільеў, Васільевіч, Васільеўка, Васільеўскі востраў, Арсеньеў, Арсеньевіч, Афанасьевіч, Кандрацьеў, Кандрацьевіч, Аркадзьеў, Аркадзьевіч.
- Пасля г, к, х і збегу зычных, акрамя нц, перад суфіксальным -еў- (-ев-) пішацца і (ы): Георгіеў, Георгіевіч, Яўціхіеў, Яўціхіевіч, Іракліевіч, Яўлампіевіч, Ануфрыеў, Ануфрыевіч, Ануфрыеўка, Дзмітрыеў, Дзмітрыевіч; але: Вікенцьеў, Вікенцьевіч, Лаўрэнцьеў, Лаўрэнцьевіч, Кліменцьевіч і інш.
Апостраф пішацца пры асобным вымаўленні зычных з наступным галосным:
пасля прыставак, якія заканчваюцца на зычную, перад е, ё, ю, я і націскным і: ад’е'зд, аб’ём, аб’я'ва, аб’ядна'цца, пад’ёмны, раз’ю'шыцца, між’я'русны, аб’і'нець, уз’ядна'нне, ад’юта'нт, ін’е'кцыя, кан’юнкту'ра;
у сярэдзіне слова пасля губных б, в, м, п, ф, заднеязычных г, к, х, зубных д, т і дрыжачага р перад літарамі е, ё, і, ю, я: б’ецца, вераб’і, В’етнам, інтэрв’ю, сям’я, Дзям’ян, Камп’ен, куп’ё, куп’істы, п’юць, саф’ян, Пракоф’еў, Пракоф’евіч, Мантэг’ю, Лук’ян, Х’юстан, Аж’е, Ч’япа, Буш’е, Д’еп, бар’ер, надвор’е, Грыгор’еў, Юр’еў, Мар’іна Горка;
у складаных словах з першай часткай двух-, трох-, чатырох-, шмат- перад літарамі е, ё, ю, я: двух’ярусны, трох’ярусны, шмат’ядзерны, шмат’ёмісты.
Апостраф не пішацца:
пасля ў (у нескладовага) перад літарамі е, ё, і, ю, я: абаўецца, саўюць, салаўі;
у складаных і складанаскарочаных словах на мяжы састаўных частак, у тым ліку калі іх часткі пішуцца праз злучок: цэхячэйка, дзяржюрвыдавецтва, трэд-юніёны” [8, с. 22–25].
Асноўны прынцып, на якім будуюцца правілы напісання слоў разам, асобна, праз злучок, можна вызначыць як лексіка-сінтаксічны. Часткі слова пішуцца разам, словы ў словазлучэнні – асобна; у пераходных выпадках, калі словы няпоўнасцю страцілі сваю самастойнасць і таму не сталі адным словам, яны пішуцца праз злучок.
“Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” ўключаюць наступныя раздзелы правілаў, што кіруюцца лексіка-сінтаксічным прынцыпам: агульныя правілы напісання разам, праз злучок і асобна; правапіс складаных назоўнікаў, складаных прыметнікаў, лічэбнікаў, прыслоўяў і блізкіх да іх спалучэнняў, правапіс прыназоўнікаў, злучнікаў, часціц, выклічнікаў. Адным з самых скалданых з’яўляецца правіла напісання часціц не (ня), ні з рознымі часцінамі мовы.
“Не (ня) пішацца разам:
калі без не (ня) слова не ўжываецца: небарака, неруш, неслух, невук, немаўля, невідзімка, незабудка, нечысць, нелюдзім, нехрысць, нядзеля, нявестка, нягода, нястача, нябыт, нявер’е, нязгрэба, нядбальства; ненавідзець, непакоіцца, нездаровіцца;
з назоўнікамі, калі адмоўе прыдае слову без гэтай часціцы значэнне супрацьпастаўлення, адмаўлення: неспецыяліст, нечалавек, неметал, нятэрмін, нелінгвіст і інш., напрыклад: розніца паміж тэрмінамі і нятэрмінамі, кніга прызначана ў асноўным для неспецыялістаў, нелінгвісту гэтыя тэрміны могуць быць незнаёмыя;
з прыметнікамі і прыметнікавымі прыслоўямі на -о (-а), калі спалучэнне іх з не служыць не для адмаўлення якога-небудзь паняцця, а для выражэння новага, супрацьлеглага паняцця: невысокі (нізкі), нешырокі (вузкі), недалёкі (блізкі), неспакойны (які хвалюецца), невялікі (малы), нелегальна (падпольна, скрыта), нямнога (мала) і інш., а таксама з прыслоўем няйначай (абавязкова). Наяўнасць паясняльных слоў, як правіла, не ўплывае на напісанне разам не з прыметнікамі: незнаёмы нам аўтар, невядомыя навуцы факты, непрыгодны для будоўлі матэрыял, няправільныя ў многіх адносінах вывады;
у дзеяслоўнай прыстаўцы неда-, якая абазначае неадпаведнасць патрэбнай норме: недалічваць (мець менш, чым трэба), недаацэньваць (ацэньваць ніжэй, чым належыць), недаважваць (адважваць менш, чым патрабуецца), недагледзець (дзіця), недавыканаць (выканаць менш за норму), недамерваць (адмерваць менш, чым трэба). Ад дзеясловаў з прыстаўкай неда- адрозніваюцца дзеясловы з прыстаўкай да-, якія спалучаюцца з не і абазначаюць не даведзенае да канца дзеянне: не давучыцца да канца, не дачакацца цябе, не даскочыць да берага, не дасядзець да канца, не даглядзець фільм;
з дзеепрыметнікамі, пры якіх адсутнічаюць паясняльныя словы ці супрацьпастаўленне: неасушаныя (балоты), нержавеючая (сталь), нечаканы (прыход), непрыбраны (пакой), незачыненыя (дзверы), няходжаная (сцежка); але: не засеянае жытам поле, не асушаныя да гэтага часу балоты. Не (ня) пішацца разам з поўнымі дзеепрыметнікамі і прыметнікамі пры наяўнасці пры іх слоў вельмі, надта, зусім, выключна, абсалютна, незвычайна і інш.: вельмі неабдуманы ўчынак, выключна неспрыяльнае надвор’е, абсалютна непрымальная прапанова, зусім някепскі вынік, надта няласкавы прыём;
з займеннікамі, калі на часціцу не падае націск і паміж не і займеннікам няма прыназоўніка, і з падобнымі займеннікавымі прыслоўямі: не'хта, не'шта, не'кага, не'чага, не'каму, не'чаму; не'йкі, не'йчы, не'калі, не'куды, не'як, не'калькі, не'дзе, не'адкуль; але: не адкуль, не адтуль (пры націску на займеннікавым прыслоўі);
у прыслоўях: нечакана, неабсяжна, неўзабаве, незадоўга, неўпапад, непадалёк, неўзаметку, няўцям, нехаця, нельга; у прыназоўніку нягледзячы на; у часціцах няўжо, няхай, постфіксе -небудзь (як-небудзь, хто-небудзь) і слове няма.
Не пішацца асобна:
з дзеясловамі і дзеепрыслоўямі: не бачыў, не ведаў, не буду рабіць, не бяры, не рабі, не курыць; не ведаючы куды; рабіць не спяшаючыся; сказаць не падумаўшы;
са словамі іншых часцін мовы, калі ёсць або падразумяваецца супрацьпастаўленне: не шчасце, а адно гора з вамі; любога колеру, толькі не жоўтага; заходзіць да нас, але не часта; не два –– больш; не каму, а вам будзе лепш; не пашкоджаны, але не працуе нешта;
з поўнымі дзеепрыметнікамі, калі пры іх ёсць паясняльныя словы: да канца не вырашанае пытанне, не пакінутая без увагі парада, даўно не стрыжаны, цалкам не ўпэўнены;
з дзеепрыметнікамі ў кароткай форме: у пакоі (было) не прыбрана, твае правы (былі) не парушаны, дзверы не зачынены;
з прыметнікамі, прыслоўямі, калі ў якасці паясняльнага слова выступае займеннік або займеннікавае прыслоўе, якія пачынаюцца з ні: нікому не патрэбны, ніхто не галодны, ні да чаго не здольны;
з прыметнікамі і прыслоўямі з паясняльным словам, якое мае ацэначнае значэнне якасці: далёка не лепшы вынік, сёння дзень зусім не горшы за мінулы, не спелы яшчэ яблык;
з нязменнымі словамі не трэба, не варта, не шкода, не супраць, якія выступаюць у якасці выказніка;
з усімі словамі, часткі якіх пішуцца праз злучок: паступіў не па-сяброўску, зроблена не па-людску, не навукова-папулярны фільм;
асобна пішуцца часткі выразу не раз: Не раз прыходзілася яму хадзіць праз гэты лес;
у зваротах не хто іншы, як; не што іншае, як; не хто іншы, а; не што іншае, а, у складзе якіх ёсць адносныя займеннікі хто, што і азначальны займеннік іншы (хто іншы, што іншае), якія ў спалучэнні з не з’яўляюцца адмаўленнем іх сумеснага значэння: не хто іншы ўзяў, як ён; не хто іншы, а толькі ён; гэта не што іншае, як вапна; гэта не што іншае, а толькі нейкі звярок прашмыгнуў; але: ніхто іншы не быў, толькі ён; нішто іншае не цікавіць яго, адно толькі кнігі.
Ні пішацца разам:
у займенніках, калі ні не аддзелена ад займенніка прыназоўнікам: ніхто, нішто, нікога, нічога, ніякі, нічый, ніякаму, нічыйго, нічыім; але: ні ў кога, ні ў якім, ні ў якія, ні да чаго, ні да каго;
у прыслоўях ніколі, нідзе, нікуды, ніадкуль, ніяк, ніколькі, нічуць, а таксама ў вытворных словах: нічыйны, ніштаваты, ніякавата, ніякаватасць;
у слове нібы (нібыта).
Ні пішацца асобна перад выказнікам у даданых частках складаных сказаў, калі служыць для ўзмацнення сцвярджальнага значэння: Дзе б ні быў я, Мінскам ганаруся; а таксама ва ўстойлівых узмацняльных зваротах: што ні кажы; з кім бы то ні было; што б там ні было” [8, с. 63–66].
Лексіка-граматычны прынцып арфаграфіі вызначае напісанне слоў з вялікай і малой літары. Сутнасць яго ў тым, што ўласныя назоўнікі пішуцца з вялікай літары, агульныя – з малой. Арфаграфічныя цяжкасці ўзнікаюць часам з-за невыразнасці мяжы паміж агульнымі і ўласнымі назоўнікамі: бяроза і Бяроза (горад). Правілы беларускай арфаграфіі і пунткуацыі рэгулююць наступныя напісанні: вялікая і малая літары ў асабовых назвах; вялікая і малая літары ў найменнях асоб, звязаных з рэлігіямі, назвах міфалагічных і казачных герояў; вялікая і малая літары ў геаграфічных і астранамічных назвах; вялікая і малая літары ў назвах дзяржаўных органаў і іншых арганізацый; вялікая і малая літары ў найменнях пасад і званняў, ветлівых зваротах і спецыяльных абазначэннях; вялікая літара ў назвах дзяржаўных і нацыянальных сімвалаў, рэліквій, дзяржаўных узнагарод, прэмій, грамат, прызоў; вялікая і малая літары ў назвах дакументаў, іх зводаў, унікальных прадметаў, твораў; вялікая і малая літары ў назвах знамянальных падзей і дат, перыядаў і эпох, святаў; вялікая літара ў назвах з двукоссем.
Згодна з новай рэдакцыяй правапісу, у “Правілах..” з’явіўся пункт “Вялікая і малая літары ў найменнях асоб, звязаных з рэлігіямі, назвах міфалагічных і казачных герояў”, у якім адзначана, што “з вялікай літары пішуцца:
найменні найвышэйшых божастваў (бостваў) у рэлігійных культах, а таксама ўсе словы ў спалучэннях, якія змяшчаюць гэтыя назвы: Бог, Саваоф, Алах, Яхве, Шыва, Вішну; Госпад (Гасподзь), Усявышні, Уладыка Нябесны, Усемагутны Бог, Святая Тройца, Бог Айцец, Бог Сын, Божы (Боскі) Сын, Бог Дух Святы, Святы Дух, Прасвятая Тройца, Божая (Боская) Маці, Прачыстая Уладычыца Нябесная, Прасвятая Дзева Марыя, Царыца Нябесная, Месія;
прыметнікі, утвораныя ад слова Бог: Божы (Боскі) суд, Божы (Боскі) храм, Божая (Боская) міласць;
асабовыя імёны (і ўсе словы ў састаўных асабовых назвах, акрамя агульных назваў) заснавальнікаў рэлігійных вучэнняў, а таксама біблейскіх асоб (апосталаў, прарокаў, святых і інш.): Ісус Хрыстос, Буда, Брахма; Іаан Хрысціцель, Святы Павел;
імёны легендарных і міфічных асоб, язычніцкіх багоў: Антэй, Зеўс, Тытан, Венера, Фурыя, Дажбог, Жыжаль, Пярун, Цмок, але як агульныя назвы: пярун –– удар грому, іуда (юда) –– здраднік, цмок –– змей, тытан –– волат, фурыя –– злосная істота;
уласныя назвы ўяўных і казачных істот, герояў літаратурных твораў: Папялушка, Чырвоная Шапачка, Калабок, Снягурка, Дзед Мароз, Баба Яга, Пегас, Буцэфал, Атлант, але як агульныя назвы: дзед-мароз –– ёлачнае ўпрыгожанне, баба-яга –– агідная старая, буцэфал –– стары конь, атлант –– у архітэктуры;
агульныя назвы істот, а таксама з’яў і прадметаў, калі яны персаніфікуюцца, выступаюць у ролі імёнаў герояў літаратурных твораў (у казках, байках і інш.): Мядзведзь, Воўк, Ліса (Ліска), Заяц (Зайка), Асёл, Каза-дзераза, Коцік-варкоцік, Варона, Сарока-белабока, Воран, Певень, Бусел-клекатун, Карась-лежабок, Сонца, Праўда, Крыўда і інш.
З малой літары пішуцца:
слова бог (гасподзь) ва ўстойлівых выразах, звязаных з выказваннем розных пачуццяў у прастамоўі, а не са зваротам да Бога паводле рэлігійнай абраднасці і ўяўленняў: бог яго ведае, божа (божачка) ты мой, божа збаў, дай божа, крый бог (божа), не давядзі бог (божа, госпадзі), ратуй божа, дзякаваць (дзякуй) богу (табе, госпадзі), бог з табой (з ім, з вамі), алах з ім;
слова бог з агульным значэннем боства ў спалучэнні з асабовай назвай або з назоўнікам з агульным значэннем у родным склоне: старажытны славянскі бог Пярун, бог сонца Дажбог, Сварог –– бог неба;
агульныя назвы ўяўных істот: архангел, анёл, херувім, фея, муза і інш” [8, с. 42–45].
У адпаведнасці з новай рэдакцыяй беларускага правапісу наступным чынам акрэслены правілы напісання складанаскарочаных слоў (абрэвіятур):
“1. У абрэвіятурах скарочаныя часткі пішуцца так, як у адпаведных поўных словах: гарсавет (гарадскі), прафсаюз (прафесійны), дзяржцырк (дзяржаўны), прамкамбінат (прамысловы), галоўурач (галоўны), генплан (генеральны), Еўрасаюз (еўрапейскі), заапарк (заалагічны), музвучылішча (музычнае),.
- Літарныя, гукавыя абрэвіятуры і абрэвіятуры змешанага тыпу звычайна пішуцца вялікімі літарамі без кропак, злучкоў і апострафаў: БДУ (Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт), ВНУ (вышэйшая навучальная ўстанова), ЗША (Злучаныя Штаты Амерыкі), ААН (Арганізацыя Аб’яднаных Нацый).
Калі да абрэвіятуры дадаецца лічба, то яна пішацца праз злучок: ВАЗ-21, МАЗ-200, МТЗ-82.
Калі абрэвіятура скланяецца, канчаткі пішуцца разам малымі літарамі: у нашым ЖЭСе, працаваў на МАЗе, рамонт ЦУМа, дысертацыя ў ВАКу.
Дапускаецца напісанне малымі літарамі агульнавядомых абрэвіятур, калі слова ўспрымаецца як простае: схадзіў у жэс і інш.
Малыя літары могуць уваходзіць у камбінаваныя абрэвіятуры: ЛіМ, БелТА, УП «Белкніга», БелНДВІ (Беларускі навукова-даследчы ветэрынарны інстытут).
- Напісанне няўласнабеларускіх (запазычаных) абрэвіятур вызначаецца па слоўніку; поўны сэнсавы беларускі адпаведнік перадае значэнне такіх запазычанняў, а не расшыфроўвае іх: заўгас (загадчык гаспадарчай часткі), завуч (намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце), спецназ (атрад спецыяльнага прызначэння), АСУ (аўтаматызаваная сістэма кіравання), ЮНЕСКА (Камісія Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры).
- У некаторых абрэвіятурах напісанне можа не адлюстроўваць натуральнае вымаўленне: ТЮГ –– Тэатр юнага гледача (вымаўляецца [ц’ух]), РІВШ –– дзяржаўная ўстанова адукацыі «Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы» (вымаўляецца [рыўш]).
- Літарныя абрэвіятуры не трэба блытаць з умоўнымі графічнымі скарачэннямі, якія ўжываюцца на пісьме, але заўсёды чытаюцца поўнасцю.
Скарачэнне слоў рэгламентуецца наступнымі правіламі:
нельга скарачаць на галосную літару, на ь, на й і на ў;
пры спалучэнні дзвюх аднолькавых зычных скарачэнне робіцца пасля першай зычнай: насен. фонд;
пры збегу дзвюх або некалькіх зычных скарачэнне робіцца на апошнюю зычную: народн. творчасць;
калі імя або імя па бацьку пачынаецца з дыграфа Дз, то ініцыялам выступае толькі літара Д: Дзмітрый Дзмітрыевіч –– Д.Д.
Пры графічных скарачэннях ставіцца кропка і захоўваюцца тыя ж знакі і пачатковыя літары, якія ўласцівы поўнаму напісанню: В.-Д. к. (Волга-Данскі канал), с.-д. партыя (сацыял-дэмакратычная партыя),
чл.-кар. (член-карэспандэнт).
- Стандартныя скарочаныя абазначэнні метрычных мер пішуцца без кропак: га (гектар), см (сантыметр), кг (кілаграм), км (кіламетр) і інш.
Ніжэй прыводзяцца агульнапрынятыя скарачэнні, якія не патрабуюць спецыяльнага тлумачэння.
Напрыклад:
акад. –– акадэмік; в. –– вёска; в-аў –– востраў; вобл. –– вобласць; воз. –– возера; г. –– год; г. –– горад; гг. –– гады; г.зн. –– гэта значыць; гл. –– глядзі; гр. –– грамадзянін; дац. –– дацэнт; заг. –– загадчык; зб. –– зборнік; і г.д. –– і гэтак далей; і да т.п. –– і да таго падобнае” [8, с. 25–28].
У “Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” наступным чынам акрэсліваюцца правілы пераносу:
“З аднаго радка на другі слова пераносіцца па складах: во-ля, тра-ва, за-яц, га-ла-ва, ка-ва-лак, стра-ка-ты, пра-ве-рыць, пе-ра-кі-нуць.
- Калі ў сярэдзіне слова паміж галоснымі маецца спалучэнне зычных, то пераносіцца на наступны радок або ўсё гэта спалучэнне, або любая яго частка. Можна пераносіць: ся-стра, сяс-тра, сяст-ра; во-стры, вос-тры, вост-ры; пту-шка, птуш-ка; кро-пля, кроп-ля; ма-ста-цтва, мас-тац-тва, мас-тацт-ва; ра-змова, раз-мова; за-става, зас-тава; ра-скрыць, рас-крыць, раск-рыць; бя-скрыўдна, бяс-крыўдна, бяск-рыўдна; дзя-ці-нства, дзя-цін-ства, дзя-цінс-тва, дзя-цінст-ва; двац-цаць, два-ццаць.
- Пры пераносе нельга:
пакідаць або пераносіць на наступны радок адну літару, нават калі яна адпавядае складу: аса-ка, лі-нія, ра-дыё, еха-лі, па-коі;
разбіваць пераносам спалучэнні літар дж і дз, калі яны абазначаюць адзін гук [дж], [дз’]: ура-джай, са-джаць, ра-дзі-ма, ха-дзіць. Спалучэнні дж і дз можна разбіваць пераносам, калі д адносіцца да прыстаўкі, а з,
ж — да кораня: пад-жары, ад-жаць, пад-земны, ад-значыць;
аддзяляць ад папярэдняй галоснай літары й і ў: сой-ка, бой-кі, май-стар, дай-сці, зай-мацца, праў-да, слоў-нік, маў-чаць, заў-тра, праў-нук;
аддзяляць мяккі знак і апостраф ад папярэдняй зычнай: буль-ба, прось-ба, вазь-му, бур’-ян, сем’-яў, мыш’-як.
- У складаных словах кожная іх частка пераносіцца згодна з правіламі пераносу асобных слоў: се-на-ўбо-рка, збож-жа-зда-ча.
- Не дзеляцца пры пераносе абрэвіятуры, якія пішуцца вялікімі літарамі або з’яўляюцца спалучэннем літар і лічбаў, а таксама графічныя скарачэнні слоў і выразаў: ААН, ЮНЕСКА, НАТА, АБСЕ, ДАІ, АІ-95, г.д., г.зн., стст.; не адрываюцца пры пераносе ад лічбаў далучаныя да іх злучком канчаткі або часткі канчаткаў: а 19-й (гадзіне), 1-га (студзеня); не адрываюцца ад прозвішчаў ініцыялы: Я. Брыль, К.М. Міцкевіч, Я.Ф. Карскі, Гурскі М.І.; не пераносяцца на наступны радок знакі прыпынку; не пераносіцца на наступны радок злучок (дэфіс), які супадае са знакам пераносу (пры гэтым знак пераносу не ставіцца); пры пераносе нельга адрываць ад лічбы скарочаныя назвы адзінак вымярэння: 1990 г., ХХІ ст., 100 кг, 50 га, 2 км, 10 см, 1000 руб.” [8, с. 66–68].